АБ’ЁМНЫ РЭЗАНА́ТАР,
парожні рэзанатар, эндавібратар, поласць з электраправоднай паверхняй, унутры якой устанаўліваюцца свабодныя ваганні эл.-магн. поля. Форма аб’ёмнага рэзанатара адвольная, практычнае выкарыстанне маюць прамавугольны паралелепіпед, круглы цыліндр, тароід, сфера. Спектр уласных частот аб’ёмнага рэзанатара і прасторавае размеркаванне эл.-магн. поля вызначаюцца пры рашэнні Максвела ўраўненняў з гранічнымі ўмовамі на сценках рэзанатара. Асн. характарыстыка — дыхтоўнасць, якая вызначаецца адносінамі вагальнай энергіі аб’ёмнага рэзанатара да страт энергіі за адзін перыяд ваганняў. Выкарыстоўваюцца ў тэхніцы звышвысокіх частот як контуры генератараў і хвалямераў, эталоны частаты, фільтры, у цыклічных паскаральніках зараджаных часціц і лазернай тэхніцы. Гл. таксама Аптычны рэзанатар, Лазер.
т. 1, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)